Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Хойніцкага, Брагінскага і Нараўлянскага райвыканкамаў, кіраўніцтва і супрацоўнікі запаведніка. Лепшым работнікам былі ўручаны падзякі і граматы за ўклад у захаванне ўнікальнай экасістэмы. Адзначылі і брагінчан.
Брагінскі ўчастак, як і іншыя падраздзяленні запаведніка, уносіць важкі ўклад у аднаўленне і падтрыманне экасістэмы зоны адчуджэння. На тэрыторыі раёна дзейнічаюць 5 лясніцтваў і цэх па перапрацоўцы драўніны, расказаў намеснік дырэктара ПДРЭЗ па Брагінскім участку Васілій Андрэенка.
– Мы паказваем высокія вынікі ў лесанарыхтоўках (40% ад агульнага аб’ёму па запаведніку) і іншых напрамках (больш за 30%). Па выніках першага паўгоддзя значна перавыканалі план па перапрацоўцы драўніны.
Адным з напрамкаў дзейнасці з’яўляецца развіццё конегадоўлі ў Калыбанскім лясніцтве, дзе сёлета прынялі новы табун маладых коней. Для жывёл створаны камфортныя ўмовы: прасторны кармавы стол, вагавая, эстакада для агляду і лячэння, а таксама шырокія пашы. А ветэрынарны догляд, збалансаванае харчаванне спрыяюць іх здароўю і развіццю.
Паралельна з гэтым на Брагінскім участку актыўна праводзіцца лесааднаўленне. Супрацоўнікі высаджваюць маладыя елкі, хвоі і бярозы. Важнае значэнне надаецца і стварэнню і падтрыманню супрацьпажарных палос, якія прадухіляюць распаўсюджванне пажараў ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання.
Вядзецца і важная навуковая праца па назіранні за папуляцыямі рэдкіх жывёл і раслін. Вынікі гэтых даследаванняў дапамагаюць разумець працэсы, якія адбываюцца ў зоне адчуджэння, і распрацоўваць эфектыўныя меры па яе аднаўленні.